Як беларусы візы атрымліваюць: дорага і складана

NMN.by - Новости Минска Главная    | ЗНАКОМСТВА | АГРОТУРИЗМ | ФОТОГРАФ | ПОДАРКИ | КНИГИ  |
Поиск новостей     Расширенный поиск

Разделы новостей
Архив новостей
Пн Вт Ср Чт Пт Сб Вс
1
2345678
9101112131415
16171819202122
23242526272829
3031

Подписка на новости
Подписка на рассылку:

Голосование
Как отражается на Вашем бюджете рост цен в Беларуси?
Существенно
Приходится больше работать
Не существенно, но ощутимо
Я этого не замечаю
Затрудняюсь ответить
Результаты

Рекомендуем

email Отправить другу | print Версия для печати |

Як беларусы візы атрымліваюць: дорага і складана

15 Jul 2010

У самым разгары пара адпачынкаў, падчас якой тысячы беларусаў выпраўляюцца за мяжу. Нядаўна TUT.BY паведамляў, куды беларусу можна паехаць без візы. Сёння мы распавядзем, у якія з папулярных сярод беларусаў краіны атрымаць візы проста, а ў якія - сапраўднае выпрабаванне.

ЗША 

Кошт: $140
Тэрмін выдачы: ад некалькіх сутак да некалькіх тыдняў 

Пасля пазалеташняга беларуска-амерыканскага дыпламатычнага канфлікту амбасада ЗША ў Мінску перастала выдаваць візы беларусам. З таго часу мы змушаны падарожнічаць у Маскву, Варшаву, Кіеў ці Пецярбург (людзі ад 70 гадоў па-ранейшаму падаюць у Мінску). Першы і апошні варыянты найбольш распаўсюджаны. Да не самай таннай візы ($140) і надзвычай высокіх патрабаванняў амбасады да сацыяльнага статуса вам прыйдзецца прыплюсаваць выдаткі на дарогу і жытло (калі ў вас няма маскоўскіх сяброў ці сваякоў). 

Падкрэслім, што ў Маскве і Піцеры беларусы падаюць дакументы не ў саму амбасаду, а ў кампанію PONY EXPRESS, якая з'яўляецца адзінай афіцыйнай фірмай, упаўнаважанай Амбасадай ЗША на дастаўку заяў на візы і прызначэнне сумоўяў у пасольстве. Прыём дакументаў ад беларусаў ажыццяўляецца па папярэднім запісе. Прычым, як распавядаюць апліканты, замовіць патрэбную вам дату амаль немагчыма “з прычыны абмежаванай колькасці месцаў”. Адпаведна, будзьце гатовы да цяжкасцяў з планаваннем паездкі за акіян. 

Выдача пашпарту можа вагацца ад сутак да некалькіх тыдняў. У такім разе вы трапляеце ў няпростую сітуацыю, бо, па-першае, апынаецеся, скажам, у Маскве без дакументу, па-другое, з цяжкасцю купіце квіток на цягнік. 

Перад паездкай у амбасаду вам трэба запоўніць онлайн-анкету. Дадатковая інфармацыя тут.

Канада

Кошт: 75$ CAN
Тэрмін: да трох тыдняў

Паколькі ў Беларусі няма канадскай амбасады, за візай вам таксама прыйдзецца выправіцца ў Варшаву. Праўда, ёсць яшчэ адзін варыянт, які, паводле сведчанняў нашых чытачоў, больш фінансава выгодны. Падаць дакументы можна і ў Інфармацыйны цэнтр Міністэрства замежных спраў Беларусі, які ажыццяўляе платныя паслугі па падачы дакументаў у амбасады амаль усіх краінаў, якія не прадстаўленыя ў Беларусі. Падача пакета дакументаў на чалавека каштуе 180 тысяч рублёў (што танней, чым паездка ў адно з вышэйзгаданых прадстаўніцтваў). Прычым вам дапамогуць з запаўненнем візавай анкеты. Юрыдычныя пераклады (пры неабходнасці) аплачваюцца дадаткова. Тэрмін вяртання пашпарту - да трох тыдняў. 

Заўважце, візавы збор прымаецца толькі ў канадскіх доларах і толькі дакладная сума. Магчыма, каб вам яго аплацілі вашы канадскія сваякі ці сябры. Але на прадстаўленым ў банку чэку абавязкова павінна стаяць пазнака "Receiver General for Canada". 

Патрабаванні канадскага іміграцыйнага ведамства адны з самых жорсткіх у свеце. Таму падрыхтуйцеся да адмовы, калі ў вас няма сацыяльна-эканамічных гарантыяў да вяртання на радзіму: нерухомасці, аўто, прыстойнага заробку ці банкаўскага рахунку. “У вас будзе магчымасць атрымаць канадскую візу, калі вы зменіце ўласны сацыяльны статус”, — прыблізна такі адказ атрымала адна з нашых наведвальніц, якая збіралася ў Канаду ў госці да сваякоў, але не здолела выканаць вышэйпералічаныя патрабаванні. 

Германія

Кошт: 60 еўра 
Тэрмін: да 2 тыдняў

Праца візавага аддзела амбасады ФРГ у Мінску, якая таксама выдае кароткатэрміновы Шэнген у краіны Бенілюкса, Аўстрыю, Данію і Славенію - прыклад нямецкай пунктуальнасці. На інтэрнэт-сайце падрабязна апісаны не толькі неабходныя для розных катэгорый віз і грамадзян дакументы, але і ўсе магчымыя нюансы. Яшчэ больш радуе, калі бачыш, што размешчаная ў Сеціве інфармацыя цалкам адпавядае рэальнасці. Ніякага хамства і запісаў на два месяцы наперад. Прыйшоў, правёў некалькі гадзінаў у жывой чарзе, падаў, праз два тыдні атрымаў. Запаўненне анкеты магчыма як онлайн, гэтак і традыцыйным спосабам. 

Нагадаем, паводле новых правілаў візавага кодэксу Еўразвяза, пашпарт заяўніка на візу мусіць быць выданы менш за 10 год таму і мець хаця б дзве чыстыя старонкі. 

Францыя

Кошт: 60 еўра
Тэрмін: да 8 дзён

Пасольства Францыі ў Мінску адказнае таксама за выдачу беларусам шэнгенскіх віз у Іспанію, Нарвегію, Партугалію і Ісландыю. Візавы аддзел прызнае, што ў летні турыстычны сезон працуе ў перагружаным рэжыме, а таму раіць па магчымасці запісвацца на падачу дакументаў за тры месяцы да мяркуемай паездкі. 

Уся інфармацыя адносна падачы дакументаў на візу тут.

Польшча

Кошт: 60 еўра
Тэрмін: да 8 дзён

Нагадаем, пасля далучэння ў снежні 2007-га да Шэнгенскай дамовы Польшчы, Літвы і Латвіі кошт віз для беларусаў у суседнія краіны - сябры Еўразвязу ўзняўся да 60 еўра. Як вынік, толькі за першы год колькасць выданых беларусам віз у Польшчы знізілася на 73 адсоткі. Аднак, як вядома, чалавек прызвычайваецца да ўсяго... 

З 24 траўня ў польскай амбасадзе дзейнічаюць новыя правілы, паводле якіх візавыя анкеты запаўняюцца ў інтэрнэце. Праз Сеціва браніруецца і час падачы дакументаў. “Гэта дае магчымасць кожнаму карыстальніку самастойна вызначыць зручны тэрмін падачы візавай анкеты, максімальна абмежаваць колькасць наведванняў нашай установы, зэканоміць час, пазбегнуць чэргаў, скараціць час разгляду заявы, а таксама дазволіць абслугоўваць больш кліентаў”, — абвешчана на сайце амбасады за подпісам кіраўніка Консульскага аддзела Марэка Марцінэка. 

“Было б ідэальна, каб гэта сістэма працавала, - распавёў TUT.BY адзін з наведнікаў партала, які нядаўна атрымліваў візу ў Польшчу. - Падчас онлайн-рэгістрацыі прапануецца выбраць вольную дату - праз 10-15 дзён. Прыходзіш у прызначаны дзень, а там ужо з 6-ці раніцы чакае безліч народу. Прастаялі да 14 гадзінаў, калі перад нашым носам зачынілі вакенца, нічога не патлумачыўшы. Гэта значыць, што вам трэба зноў рэгістравацца на падачу дакументаў, зноў прыходзіць у амбасаду праз 10-15 дзён, зноў стаяць. Відавочна, што лічба вылучаных рэгістрацыяў не адпавядае магчымасцям амбасады”. 

Мінскае консульства абслугоўвае таксама Віцебскую і Магілёўскую вобласці. Людзі ж скардзяцца, што іх разварочваюць за адну няправільную коску. “Пры мне стаяла жанчына, якая ўжо трэці раз прыязджала з Віцебска. Двойчы яе адпраўлялі за няправільна запоўненую анкету, - распавёў TUT.BY другі наведнік парталу. - Я ўжо не кажу пра адносіны, калі і ў 30-градусную спёку, і ў халадэчу трэба гадзінамі стаяць на вуліцы, дзе не прадугледжаны нават навес”.

“Раней не было ніякіх праблемаў: прыходзіш, чакаеш і атрымліваеш. Цяпер няма ніводнага задаволенага чалавека”, - дзеліцца з намі трэці чытач. 

Літва

Кошт: 60 еўра
Тэрмін: да 14 дзён

На пачатку сваёй працы ў Беларусі цяперашні літоўскі амбасадар Эдмінас Багдонас, паглядзеўшы на велізарныя чэргі за літоўскімі візамі, узяўся за навядзенне парадку з падачай дакументаў. Кажуць, пасля гэтага магчымасці працаваць з пасольствам пазбавілася частка турфірмаў, якія гандлявалі месцамі ў чарзе. Потым консульскі аддзел пашырыўся тэрытарыяльна, што крыху палепшыла сітуацыю. Цяпер зарэгістравацца на падачу дакументаў можна і ў Сеціве, што значна спрасціла працэс, аднак консульства ўсё адно не спраўляецца з наплывам беларусаў, колькасць ахвочых сярод якіх расце з года ў год. Гэтак, у консульскім аддзеле пасольства TUT.BY паведамілі, што цяпер можна запісацца на падачу дакументаў толькі на канец ліпеня - першую палову жніўня.  

Эстонія

Кошт: 60 еўра
Тэрмін: да 14 дзён

Паўнавартаснае пасольства Эстоніі ў Мінску з’явілася толькі ў кастрычніку 2009-га. Дагэтуль дзейнічала генконсульства. Сёння тут можна атрымаць візу ў Эстонію і Фінляндыю. 

Ужо амаль год візавыя анкеты прымаюцца толькі ў электронным выглядзе. З канца траўня дзейнічае новы парадак, паводле якога заяўнік павінен асабіста прысутнічаць пры падачы дакументаў на візу. У летні перыяд прыём дакументаў на візы абмежаваны дзвюма гадзінамі заміж звычайных трох. І вось тут пачынаюцца праблемы. Бо, выглядае, колькасць ахвочых патрапіць у Эстонію-Фінляндыю несувымерна большая за магутнасці консульскага аддзела. 

“Цяпер запісваюць на верасень, і ў жывой чарзе больш 600 чалавек. Стаіць там аўтобусік і прадае чаргу. Яшчэ на мінулым тыдні чарга на пачатак жніўня каштавала 400 эўра. Цяпер ужо 600. Штодзённыя бойкі і пераклічкі па начах каштуюць нятанна", - піша адзін з карыстальнікаў партала TUT.BY. 

На жаль, датэлефанавацца да эстонскай амбасады нам так і не ўдалося. Пасля 2-хвіліннага эстонскамоўнага спіча аўтамата, які потым дублюецца на расійскую, званок сканчаецца. Што рабіць беларусам, у якіх ёсць канкрэтныя пытанні? 

Ізраіль

Кошт: 21 долар + 3 тысячы рублёў
Тэрмін: 1 дзень

Суседзі-расійцы ўжо два гады ездзяць у Ізраіль без віз. Літаральна на днях Ізраіль прыняў рашэнне адмяніць візавы рэжым з Украінай. Беларусь, як заўжды, у хвасце. Пры тым, што размовы вядуцца не адзін год, ізраільскі бок у прыватных гутарках намякае, што яны гатовы да палягчэння рэжыму, але вось, маўляў, беларусы не спяшаюцца губляць візавыя зборы.

Што да атрымання віз, праблемаў няма. Дэмакратычны кошт разам з хуткасцю выдачы віз робіць працэдуру амаль бязболеснай. Велізарны мінус - адсутнасць у ізраільскага пасольства ўласнага вэб-сайта. Для краіны, якая з’яўляецца адным з сусветных лідэраў ў сферы ІТ і праграмнага забеспячэння, гэта недаравальна. Да таго ж тэлефонны аўтаадказчык пасольства запраграмаваны выключна на ангельскай мове. Як вынік, чалавек, які не валодае ангельскай, нават не зразумее, якую клавішу трэба націснуць, каб яго злучылі з жывым супрацоўнікам.

Інфармацыю па неабходных дакументах можна атрымаць тут. 

Італія 


Кошт: 60 еўра
Тэрмін: да 2 тыдняў

На сайце амбасады, дзе вы знойдзеце ўсю неабходную інфармацыю, раюць звяртацца па візу "ад 90 да 15 дзён да меркаванай паездкі". Як паведамілі карэспандэнту TUT.BY, цяпер запіс на падачу дакументаў вядзецца на 9 жніўня. Тэрміновыя выпадкі абяцаюць разглядаць у асабістым парадку.


Распавядаючы пра асаблівасці атрымання беларусамі візаў, мы тут наўмысна падрабязна не спыняемся на дзвюх краінах - турыстычных хітах - Балгарыі і Турцыі, бо нашы суайчыннікі найчасцей трапляюць туды праз турфірмы. Адзначым толькі, што ў Балгарыі, якая стаіць у чарзе на ўключэнне ў Шэнгенскую зону, для беларусаў такія самыя візавыя патрабаванні, як і ў краінах Шэнгену. Візавы рэжым у Турцыі, наадварот, адзін з самых дэмакратычных: плаціце 20 долараў ці 15 еўра ў турэцкім аэрапорце - і краіна на два месяцы ваша.

Вытрываласці пры атрыманні віз і запамінальных вандровак!

Кастусь ЛАШКЕВІЧ, ТUT.BY

 



 
Похожие новости по теме:


» Мінчукі працягваюць будавацца па 370 долараў за "квадрат"

» 42 тысячы беларусаў атрымалі карту паляка

» Ці падрыхтаваліся аптэкі да эпідэміі грыпу?

» Як прайсці мяжу з Літвой за 23 хвіліны?

» На летні сезон месцаў у беларускіх санаторыях ужо няма

 
Прочитано: 2693 раз(а)


Рекомендуем: 


Интересные факты

Популярные новости

Интересные события